Пружанский районный исполнительный комитет

Пружанский районный исполнительный комитет
burger
Главная // 2024 - Год качества

Пружанцы — лепшыя ў прафесіі!

03/05/2024 16:46

 У Свята працы ў Брэсце ўшаноўвалі пераможцаў абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства «Лепшы ў прафесіі». Сярод 34-х уладальнікаў ганаровага звання былі і работнікі Пружанскага раёна.

Уручэнне ўзнагарод адбылося ў гарадскім парку культуры і адпачынку, які жыхары абласнога цэнтра называюць паркам 1 Мая. Сімвалічна, што тут жа разгарнуліся і асноўныя гулянні святочнага дня.

З Першамаем работнікаў Брэстчыны і ўсіх гасцей павіншаваў старшыня Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Рагачук. Па яго словах, конкурс «Лепшы ў прафесіі» ставіць сваёй мэтай павышэнне прэстыжу той ці іншай прафесіі, а таксама актывізацыю сацыяльнага партнёрства.

Сёлета конкурс змяніў не толькі назву, але і фармат. Гэта дазволіла пашырыць пералік тых, хто ў Свята працы падымаўся на сцэну па заслужаную ўзнагароду — імянную статуэтку ў форме стэлы, што размяшчаецца на ўездзе ў Брэст. Узнагародзілі ўрачоў і настаўнікаў, работнікаў лесу, паштавікоў, чыгуначнікаў і вадзіцеляў, повараў, страхавых агентаў і многіх іншых.

Лепшым у галіне дарожнага будаўніцтва названы дарожны рабочы лінейнай дарожнай дыстанцыі № 255 філіяла ДЭУ-25 РУП «Брэстаўтадар» Яўген Ярашук. За сем гадоў работы ў арганізацыі Яўген Яўгенавіч сабраў унушальную колькасць прафесійных узнагарод. Гэта шматлікія падзякі і ганаровыя граматы ад кіраўніцтва ДЭУ-25, а таксама падзяка ад гендырэктара РУП «Брэстаўтадар». Тым не менш, перамога ў конкурсе такога фармату стала для мужчыны прыемнай нечаканасцю.

— Удзячны свайму кіраўніцтву за падтрымку. Люблю сваю работу і буду і надалей старацца працаваць якасна, — сціпла адзначыў узнагароджаны.

Упершыню ў рамках конкурсу «Лепшы па прафесіі» абласное аб’яднанне прафсаюзаў узнагароджвала журналістаў, таму ўдвая прыемней, што на сцэну ўзняўся наш калега — загадчык аддзела вэб-інфармацыі рэдакцыі газеты «Раённыя будні» Уладзіслаў Шпарла. Ён стаў пераможцам абласнога конкурсу «Лепшы сярод працоўнай моладзі» ў сферы масавай інфармацыі, выдавецкай, паліграфічнай дзейнасці, дзейнасці па распаўсюджанні друкаваных выданняў і прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі.

— Вельмі прыемна, што мая работа, а разам з ёй і дзейнасць нашай рэдакцыі, была адзначана на абласным узроўні. Прыемна было ўзняцца на адну сцэну разам з сапраўднымі прафесіяналамі сваіх сфер з усяго першага рэгіёна. Вялікае дзякуй арганізатарам за давер і ацэнку. Гэта выдатны падарунак на 1 Мая і напярэдадні прафесійных свят — Дня работнікаў друку, які адзначым ужо 5 мая, і Дня работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі, што будзем святкаваць 7 мая. Таму сачыце за электроннымі рэсурсамі газеты, дзяліцеся інфармацыяй з намі, слухайце навіны раёна па серадах на «Радыё Брэст» і заставайцеся з «Раённымі буднямі»! — сказаў Уладзіслаў.

Падарункам для ўзнагароджаных стаў цудоўны канцэрт, спецыяльнымі яго гасцямі былі вядомыя беларускія спевакі і адначасова сямейная пара — ТЭА і Вольга Рыжыкава.

Фота Святланы Кіслай, Ільі Агрэніча і абласнога аб’яднання прафсаюзаў.

http://www.budni.by/pruzhancy-lepshyya-ў-prafesii/

 

К списку новостей

Интернет-ресурсы

Полезные ссылки